Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Тэма будаўніцтва ў краіне першай атамнай электрастанцыі апошнім часам не сыходзіць са старонак перыядычных выданняў. У нашым раёне абмеркаванне гэтага пытання актывізавалася адначасова з дзейнасцю даследчыкаў па вывучэнню астравецкай пляцоўкі для магчымага размяшчэння будучай АЭС.“Астравецкая праўда” не магла застацца ў баку ад гэтай актуальнай тэмы.
І ў дадатак да тых матэрыялаў, якія ўжо з’явіліся на старонках газеты і запланаваны для публікацыі, мы, каб абмеркаваць усе магчымыя пытанні, звязаныя з будаўніцтвам АЭС увогуле і магчымым яе размяшчэннем у нашым раёне ў прыватнасці, вырашылі правесці пры садзейнічанні райвыканкама чарговы “круглы стол”.
Нам пашанцавала, што якраз у гэты час у раёне знаходзіўся найбольш дасведчаны ў справах будаўніцтва АЭС чалавек – інжынер дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі Уладзімір Пятровіч ПЕТРУШКЕВІЧ, які пагадзіўся прыняць удзел у размове. Не адмовілася ад прапановы выказаць свае меркаванні па азначанай праблеме і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па нашай 59-й выбарчай акрузе Таццяна Генадзьеўна ГОЛУБЕВА. Акрамя іх, да размовы за “круглым сталом” былі запрошаны намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч СВІЛА, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны, начальнік РЭС Альфрэд Станіслававіч КАЛЕСНІК, начальнік раённай інспекцыі па падатках і зборах Аляксандр Аляксандравіч МАРОЗ, супрацоўнік “Астравецкай праўды”, жыхар вёскі Міхалішкі Эдуард Іванавіч СВІРЫД.
Вядучай “круглага стала”, як звычайна, стала Ніна РЫБІК.
Віктар СВІЛА: —“Круглыя сталы”, якія праводзіць наша раённая газета па найбольш актуальных пытаннях жыцця грамадства, сталі ўжо традыцыйнымі. Як паказвае практыка, матэрыялы іх чытаюцца і абмяркоўваюцца, маюць уплыў на грамадскую думку, бо змяшчаюць меркаванні аўтарытэтных людзей, што называецца, з першых вуснаў. Таму, хоць па тэме магчымага будаўніцтва ў нашым раёне атамнай электрастанцыі мы правялі ўжо некалькі сустрэч з насельніцтвам, у тым ліку і з удзелам старшыні райвыканкама, хацелася б, каб са старонак найбольш папулярнага ў раёне выдання жыхары Астравеччыны даведаліся думкі па гэтай тэме прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці: атамшчыкаў, палітыкаў, энергетыкаў, эканамістаў, медыкаў.
Ніна РЫБІК: —Рашэнне аб неабходнасці будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі ўжо прынята. І ўсё ж напачатку размовы за нашым “круглым сталом” хочацца абмеркаваць тэму, якая застаецца папулярнай у пэўным коле народных мас. Не-не, ды і ўзнікне пытанне: а навошта нам увогуле атамная электрастанцыя? У нас і без таго ўсё добра: лямпачкі гараць, тэлевізары працуюць, прадпрыемствы дзейнічаюць... Навошта траціць шалёныя грошы на будаўніцтва патэнцыяльна небяспечнага аб’екта, калі ў нас энергетычнага крызісу няма і, здаецца, не прадбачыцца?
Таццяна ГОЛУБЕВА: —Так, у нас сёння ёсць святло, цяпло і ўсё астатняе. А што заўтра? Гэта па-першае. А, па-другое, мы не стаім на месцы, дзяржава развіваецца, і для развіцця нам патрэбна энергія, якой ужо сёння не хапае. На пытанне “Ці патрэбна Беларусі атамная электрастанцыя?” я б адказала так: не проста патрэбна, а неабходна. Больш таго: мы з яе будаўніцтвам ужо спазніліся. Але для гэтага былі свае аб’ектыўныя прычыны. А ўсе магчымыя рызыкі, звязаныя з дзейнасцю атамнай электрастанцыі, мы і так нясем, бо акружаны імі з усіх бакоў: Смаленская, Бранская, Ровенская, Чарнобыльская, Ігналінская, якая зусім побач з намі. Рызыкуем не менш тых расіян ці літоўцаў – і пры тым купляем у іх электраэнергію. То ўжо лепш ведаць, дзеля чаго рызыкаваць.
Альфрэд КАЛЕСНІК: —Нельга забываць, што сёння мы жывём ва ўмовах, калі традыцыйныя энерганосьбіты даражэюць з кожным днём. Сёння ўжо ходзяць размовы пра падаражанне газу да 500 ці нават 1000 долараў – эканоміка дзяржавы вытрымаць гэта не ў стане. А атамная электрастанцыя – гэта танная энергія, якая да таго ж з’яўляецца хадавым таварам на сусветным рынку. Да прыкладу, у Расіі кошт электраэнергіі, вырабленай на атамнай электрастанцыі, складае 1,18 цэнта за кілават-гадзіну, на газе – 4,22, на мазуце – 4,7 цэнта. Вось і лічыце. Не сакрэт, што ў свой час Ігналінская АЭС і экспарт вырабленай на ёй электраэнергіі па сутнасці выратавала эканоміку Літвы. У нас, калі пабудуем сваю АЭС, таксама будзе магчымасць не толькі выкарыстоўваць танную электраэнергію для патрэб эканомікі дзяржавы, але і прадаваць яе. Праціўнікі будаўніцтва атамнай электрастанцыі многа гавораць аб выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі. Дарэчы, гэта дзяржаўная задача: давесці ўдзельную вагу мясцовых відаў паліва ў энергетычным балансе да 25 працэнтаў. Але пры гэтым трэба разумець, што мясцовыя віды паліва асаблівага надвор’я ў энергетыцы не зробяць. Асноўны спектр іх прымянення – у невялікіх кацельнях, для дробнай вытворчасці. Бо магутнасць нават буйных па нашых мерках гідраэлектрастанцый, якія будуюцца ў Гродне, Полацку, складае ад 17 да 40 мегават. А на будучай АЭС – дзве тысячы мегават. Як гаворыцца, адчуйце розніцу. А калі гаварыць пра дробныя гідраэлектрастанцыі кшталту нашай Янаўскай, то яе магутнасць складае ўсяго 100 кілават. Да таго ж яна два-тры дні працуе, затым столькі ж стаіць – не хапае вады. І ўвогуле развіваць гідраэнергетыку ў нашай краіне цяжка з-за асаблівасцей рэльефу.
Уладзімір ПЕТРУШКЕВІЧ: --Будаўніцтва АЭС не выключае развіцця альтэрнатыўных відаў энергетыкі – выкарыстання энергіі ветру, вады, сонца, біяпаліва і г.д. Яны павінны існаваць і займаць сваю нішу. Але аналіз паказвае, што яны не могуць заняць больш 15 працэнтаў у энергетычным балансе. А для вялікіх вытворчых прадпрыемстваў патрэбны і адпаведныя энергетычныя крыніцы. У нас сёння энергетычны баланс захоўваецца, хоць ён дасягаецца ў тым ліку і за кошт імпартуемай электраэнергіі. Дарэчы сказаць, кожная чацвёртая лямпачка ў краіне гарыць ад атамнай энергіі. Але ўсе галіны эканомікі развіваюцца і патрабуюць дадатковых энергетычных затрат. Па гэтаму ў нас няма выбару: энергетычныя магутнасці ў краіне трэба ўводзіць. Пытанне: якія? Будаваць цеплавыя электрастанцыі пры пастаянным некантралюемым росце цэн на арганічныя віды паліва — гэта выракаць сябе на залежнасць, фінансавую і палітычную. Другі аргумент: існуючыя цеплавыя электрастанцыі выпрацавалі свой рэсурс прыкладна на 60 працэнтаў. Іх трэба абнаўляць. Але ў той складанай энергетычнай сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца краіна, закрыць станцыю на рамонт і рэканструкцыю – справа складаная: няма рэзерву. АЭС жа дае такі рэзерв для абнаўлення іншых аб’ектаў энергасістэмы.
Аляксандр МАРОЗ: —На пытанне “Ці патрэбна Беларусі атамная электрастанцыя?” адказ адназначны: неабходна. Дарэчы, яшчэ ў часы Савецкага Саюза планавалася пабудаваць на тэрыторыі рэспублікі дзве такія, ужо нават пачалі ўзводзіць фундамент. Але потым Чарнобыльская катастрофа, распад Саюза і ўсё, што за гэтым паследавала, прыпынілі гэтую работу. Ды і эканамічнай неабходнасці не ўзнікала: нафта і газ былі танныя, і здавалася, што так будзе заўсёды. Сёння ж сітуацыя іншая. Па-першае, эканоміка краіны паступальна развіваецца, рост валавога ўнутранага прадукта на працягу некалькіх апошніх гадоў складае больш за 10 працэнтаў. Сусветны банк – а ў кампетэнтнасці і аўтарытэтнасці гэтай арганізацыі сумнявацца не даводзіцца — падлічыў: за 2007 год ён склаў 100 мільярдаў долараў, у пераразліку на кожнага жыхара краіны каля 10 тысяч долараў ЗША. Гэта, вядома, менш, чым у заходнееўрапейскіх краінах, дзе гэты паказчык складае ў сярэднім 32 тысячы долараў, але пры існуючых тэмпах развіцця эканомікі гадоў за 8-10 мы дасягнем гэтага ўзроўню. Развіццё патрабуе энергазатрат. А кошт атамнай энергіі непараўнальна ніжэйшы, чым цеплавой. Разлікі паказваюць, што павелічэнне кошту ядзернага паліва на 100 працэнтаў цягне за сабой павелічэнне сабекошту прадукцыі на 5 працэнтаў, пры такім жа павелічэнні кошту газу сабекошт павялічваецца на 70, мазуту – на 80 працэнтаў. Між тым, рост цэн на вуглевадародную сыравіну цяпер некантралюемы, краіны АПЭК, як манапалісты, што хочуць, тое і робяць. І прывязка эканомікі краіны толькі да аднаго віду паліва можа загубіць любую дзяржаву. Між тым, манаполіі на ядзернае паліва няма, запасы яго маюць і прадаюць Расія, Японія, Германія, Англія, Швецыя і іншыя дзяржавы. Да таго ж запасаў урану, нават з разлікам будаўніцтва новых атамных электрастанцый, хопіць на 200 гадоў. Газу, да прыкладу, на 70 гадоў, нафты – на 40. Увесь свет будуе атамныя электрастанцыі. У Францыі доля атамнай энергіі складае 85 працэнтаў, у Германіі – 50, у Японіі – 30, у Англіі і Паўднёвай Карэі – па 20. Заўважце, гэта высокаразвітыя краіны, ВУП якіх, здавалася б, дазваляе не турбавацца пра рост кошту вуглевадароднай сыравіны. Да 2015 года ў свеце будзе працаваць каля 600 ядзерных энергаблокаў – цяпер іх прыкладна 440. Так што альтэрнатывы ядзернай энергетыцы ў нашай краіне, лічу, няма.
Ніна РЫБІК: —Непрыняцце атамнай энергетыкі ў нашых людзей звязана найперш з так званым “чарнобыльскім сіндромам”: пацярпеўшыя ад “мірнага атама” людзі – а гэтая бяда тым ці іншым чынам закранула практычна ўсіх жыхароў Беларусі – баяцца “паўтарэння пройдзенага”. Скажыце, ці магчыма – нават тэарэтычна — на сучасных атамных электрастанцыях узнікненне сітуацыі, якая прывяла да аварыі ў Чарнобылі? І ці не акажа ўплыву на экалогію, на здароўе людзей работа станцыі ў штатным рэжыме?
Эдуард СВІРЫД: —Ну колькі ўжо можна ківаць на Чарнобыль, і, апёкшыся на малацэ, дуць на ваду! Зрэшты, і метэарыт можа на нас упасці – дык што, трэба сядзець, склаўшы рукі, і чакаць канца свету?
Валянцін ТАЧОНЫ: —З дзейнасцю атамнай электрастанцыі недасведчаныя найперш звязваюць рост анкалагічных захворванняў. Але гэта абсалютна беспадстаўныя страхі. Назіранне за перасяленцамі з чарнобыльскай зоны, якіх у нашым раёне нямала, паказвае, што ў іх узнікаюць падобныя захворванні не часцей, чым у мясцовых жыхароў. І ўвогуле, у нас не назіраецца росту анкалогіі, колькасць гэтых захворванняў у раёне меншая, чым у сярэднім па вобласці.
Аляксандр МАРОЗ: —Як гэта ні парадаксальна, але атамная электрастанцыя намнога больш экалагічна чыстая, чым тая ж цеплавая, асабліва з тых, што працуюць на вугалі. Сёння ля такіх электрастанцый ляжаць горы шлакаў, радыяцыйны фон побач з якімі перавышае норму ў дзесяткі разоў. Да таго ж у свеце існуе ліміт на выкід у паветра парніковых газаў. Атамная электрастанцыя іх не выкідвае, і мы, акрамя таго, што захаваем чыстым сваё паветра, можам свае ліміты прадаваць іншым дзяржавам – што, дарэчы, Беларусь сёння і робіць — па выгаднай цане.
Уладзімір ПЕТРУШКЕВІЧ: —Станцыя, якую мы будзем будаваць, адносіцца да трэцяга пакалення. Чарнобыльская — як, зрэшты і большасць эксплуатуемых сёння энергаблокаў — гэта другое пакаленне. І пры распрацоўцы трэцяга пакалення вучоныя ўлічылі ўвесь вопыт эксплуатацыі ранейшых станцый, у тым ліку і вопыт ЧАЭС, перш за ўсё ў распрацоўцы сістэм бяспекі і абароны. Станцыя трэцяга пакалення ад сваіх папярэднікаў адрозніваецца перш за ўсё павелічэннем колькасці бар’ераў аховы, якія стаяць паміж ядзерным палівам і навакольным асяроддзем. У сучаснай станцыі іх пяць. Першы – гэта матрыца самога паліва. Уран знаходзіцца ў спецыяльнай абалонцы, і пры нармальнай эксплуатацыі асколкі дзялення пакінуць гэтую абалонку не могуць. Другі – гэта корпус самога цеплавыдзяляючага элемента. Ён зроблены з металу высокай трываласці, разлічаны на высокія параметры эксплуатацыі і абавязаны папярэдзіць выхад радыеактыўнасці ў нармальных умовах. Трэці бар’ер – гэта корпус рэактара з першым контурам з такой трываласцю, што ні пры якіх умовах эксплуатацыі ён не можа быць разбураны. Якасць металу для яго вырабу кантралюецца з моманту выплаўкі і да ўстаноўкі. З гэтага моманту пачынаецца адрозненне станцыі трэцяга пакалення ад яе “чарнобыльскіх” аналагаў. Рэактар на ЧАЭС па сваёй канструкцыі быў аднаконтурным, корпуса рэактара як такога не было, бо размяшчэнне цеплавыдзяляючага элемента ў рэактарах такога тыпу іншае. Дарэчы, станцыі гэтага тыпу і сёння эксплуатуюцца ва ўсім свеце, і даволі паспяхова, але такіх ступеняў абароны ў іх няма. Чацвёрты і пяты бар’еры можна разглядаць сумесна. Гэта абалонкі самога рэактарнага аддзялення. Рэактар з першым корпусам – усё, што патэнцыяльна можа стаць радыеактыўным – знаходзіцца ў двайным корпусе. Першая абалонка разлічана на абарону з боку рэактара і поўнасцю ізалюе яго ад знешняга асяроддзя. Яе прызначэнне — ні пры якіх абставінах, нават малаверагодных, нават гіпатэтычных — не дапусціць, каб з памяшкання, дзе знаходзіцца рэактар, у знешняе асяроддзе нешта трапіла. Гэта сур’ёзнае жалезабетоннае збудаванне, адзін з самых дорагакаштуючых элементаў станцыі. Пяты бар’ер разлічаны на абарону рэактара ад знешніх уздзеянняў – розных прыродных катаклізмаў, выбухаў і г.д. Гэтая абалонка не разбурыцца нават пры падзенні на рэактар самалёта. Яе трываласць дазваляе вытрымаць усе існуючыя на сённяшні дзень патэнцыяльныя ўздзеянні. Гэта ўсё – пяць ступеняў абароны ад распаўсюджвання радыеактыўнасці ў выпадку узнікнення аварыі. Існуе яшчэ сістэма бяспекі, якая абараняе рэактар з пункту гледжання тэхналогіі. Гэтая абарона дзеліцца на актыўную і пасіўную. Актыўная існавала заўсёды і ўдасканальвалася з кожным пакаленнем станцый. Да прыкладу, на першым у свеце рэактары, які стварылі ў Амерыцы ў 1944 годзе, самым надзейным спосабам актыўнай абароны палічылі наступны. Стрыжань, які павінен быў патушыць рэактар у выпадку аварыі, замацавалі на канаце над рэактарам, а канец яго вывелі на калоду, каля якой увесь час дзяжурыў чалавек з сякерай. У няштатнай сітуацыі ён павінен быў перасекчы канат — і стрыжань упаў бы ў рэактар і сыніў яго работу. Гэта вядома кур”ёз з гісторыі ядзернай фізікі. І з таго часу тэхнолагі актыўнай абароны рэактара пайшлі вельмі далёка. Кожнае новае пакаленне рэактараў забяспечвалася актыўнай абаронай больш высокага ўзроўню. На атамных станцыях трэцяга пакалення большае развіццё набываюць сістэмы пасіўнай абароны, якія не прадугледжваюць ўмяшальніцтва чалавека і не залежаць ні ад якіх знешніх фактараў кшталту адключэння электраэнергіі, няспраўнасці апаратуры і г.д., а спрацоўваюць у любым выпадку ў сілу аб’ектыўных фізічных працэсаў. У якасці прыкладу раскажу пра адзін з такіх метадаў пасіўнай абароны на нашым рэактары. Побач з рэактарам устанаўліваецца ёмістасць, у якой той жа цепланосьбіт, які ахалоджвае рэактар, знаходзіцца ў крытычным стане пад ціскам. Калі ахалоджванне рэактара па нейкай прычыне прыпыняецца, то за кошт фізічных працэсаў: адсутнасць ахалоджвання цягне за сабой падзенне ціску — з гэтай ёмістасці імгненна выпараецца вадкасць, якая паступае на ахалоджванне рэактара. Такіх спосабаў пасіўнай абароны ў рэактарах трэцяга пакалення некалькі. Увогуле, рэактар, які мы плануем будаваць, забяспечаны камбінацыяй некалькіх тыпаў актыўнай і пасіўнай абароны, якія на сённяшні дзень прыдумалі вучоныя. Дарэчы, патрабаванні па тыпах абароны ў нас нашмат больш жорсткія, чым у Расіі і краінах Еўрасаюза.
Віктар СВІЛА: —Калі вярнуцца да медыцынскага аспекту праблемы, то трэба сказаць, што ў выпадку, калі ў нашым раёне будзе пабудавана атамная электрастанцыя і нават у працэсе яе будаўніцтва – а ён па прагнозу расцягнецца на 8 гадоў – гэта акажа сур’ёзны ўплыў на здароўе людзей. Але ўплыў гэты будзе станоўчы. Па-першае, таму, што будаўніцтва і дзейнасць станцыі – гэта новыя рабочыя месцы, высокі ўзровень заработнай платы і, адпаведна, паляпшэнне якасці жыцця людзей. Па-другое, тыя патрабаванні, што прад’яўляюцца да дзеючай АЭС па ахове навакольнага асяроддзя, пастаянны маніторынг, і не толькі спецыялістаў станцыі, а і замежных назіральнікаў, не дае падстаў апасацца, што экалагічнае становішча можа пагоршыцца. Гэта што тычыцца работы станцыі ў штатным рэжыме. А заявы кіраўніка дзяржавы, што мы выбіраем самы бяспечны варыянт будаўніцтва АЭС, падмацаваныя заканадаўствам у галіне радыяцыйнай бяспекі, якое ў Беларусі больш жорсткае, чым у іншых краінах, дае ўпэўненасць, што аварыйныя сітуацыі на станцыі выключаны і дзейнасць АЭС не акажа негатыўнага ўплыву ні на прыроду, ні на чалавека. Да таго ж прылягаючая да станцыі тэрыторыя стане зонай сацыяльнай адказнасці станцыі – з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі ў выглядзе развіцця інфраструктуры, уліванняў у сацыяльную сферу і г.д. Гэта будзе зона назірання за прыродай, станам здароўя людзей – і такая ўвага пільная ўвага пойдзе толькі на карысць.
Ніна РЫБІК: —Мы паступова перайшлі да найбольш хвалюючага для мясцовых жыхароў пытання – магчымага будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне. Пакуль геолагі і сейсмолагі даследуюць абраную пляцоўку, на кухнях, на лавачках ля пад’ездаў і ў рабочых кабінетах вядуцца гарачыя спрэчкі: чаго больш прынясе будаўніцтва станцыі раёну — карысці ці шкоды? Людзей хвалююць многія пытанні: ці будуць адсяляцца вёскі, што прылягаюць да зоны магчымага будаўніцтва? Хто будзе працаваць у калгасах, калі станцыя прадставіць неабмежаваную колькасць працоўных месцаў і непараўнальную зарплату? Ці застануцца ў нашых лясах грыбы-ягады ды звяры, а ў рэках – рыба пасля таго, як колькасць жыхароў Астраўца павялічыцца, як сведчаць прагнозы, утрая? Ці не пагоршыцца ў выніку наша ўвогуле спакойная крымінагенная сітуацыя?
Аляксандр МАРОЗ: —Калі ўзяць тыя ж Германію, Англію і іншыя краіны, дзе развіваецца ядзерная энергетыка, то там за права будаўніцтва АЭС у сваім рэгіёне людзі змагаюцца прыкладна так, як Расія за права прыняць зімовую Алімпіяду ў Сочы. Прычым не толькі адміністрацыя, а кожны жыхар. Яны арганізоўваюць пікеты, выходзяць на вуліцы з плакатамі, пішуць адозвы з просьбамі: пабудуйце АЭС у нас! Бо ўсе разумеюць, што будаўніцтва такога буйнога аб’екта – гэта новыя працоўныя месцы, развіццё інфраструктуры, павышэнне ўзроўню жыцця, паступленні ў бюджэт і іншыя перавагі, якія сёння нам нават цяжка ўявіць. Таму, калі б месцам будаўніцтва першай беларускай АЭС быў абраны Астравецкі раён, то гэта было б вялікай удачай для нас усіх.
Валянцін ТАЧОНЫ: —Скажу так: дрэнны той гаспадар, які не мае ўсяго таго, што яму неабходна і што ён можа мець. А што тычыцца магчымага будаўніцтва АЭС у нашым раёне, то я згодзен: гэта было б вялікай удачай. Я даўно жыву на Астравеччыне. Калі прыехаў сюды, у раёне пражывала 36 тысяч жыхароў. За 33 гады колькасць насельніцтва зменшылася на 10 тысяч. Да таго ж трэцяя частка яго – пенсіянеры. І што далей? Якія перспектывы ў раёна, дзе прамысловасці практычна няма і развіваецца толькі сельская гаспадарка? А так да нас прыехалі б маладыя людзі, стваралі б сем’і, нараджаліся б дзеці – у раёна была б акрэсленая, цудоўная будучыня. Дарэчы, у свой час Астраўцу прапаноўвалі прыняць пляцоўку для будаўніцтва філіяла трактарнага завода. З-за апасенняў за экалогію ці нейкіх іншых меркаванняў мы ад гэтай прапановы адмовіліся на карысць нашых суседзяў-смаргонцаў – не думаю, што раён ад гэтага выйграў.
Эдуард СВІРЫД: —Як жыхар вёскі Міхалішкі, паблізу якой і вядзецца даследаванне магчымай пляцоўкі для будаўніцтва АЭС, магу сказаць, што адносіны мясцовага насельніцтва да гэтай падзеі ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: упэўнена-станоўчыя і асцярожныя. Людзі разумеюць, што ў выпадку будаўніцтва ў нас АЭС раён у цэлым і Міхалішкі ў прыватнасці атрымаюць пэўныя прэферэнцыі. Асабіста я адношуся да першай групы, і сённяшні “круглы стол” яшчэ больш пераканаў мяне, што пры ўсім багацці выбару альтэрнатывы развіццю атамнай энергетыкі ў нашай дзяржавы няма. А што тычыцца апасенняў некаторых пра стан экалогіі, то, зрэшты, мы ж не хімічны камбінат збіраемся будаваць і цеплавую электрастанцыю, экалагічныя наступствы ад дзейнасці якіх, як ужо гаварылася, непараўнальна горшыя. Занепакоенасць у мясцовых жыхароў адна: ходзяць упартыя чуткі, што вёску, і не толькі нашу, але і Варняны, і Гервяты, не кажучы ўжо пра больш дробныя, у выпадку будаўніцтва АЭС будуць адсяляць. Даходзіць да анекдотаў: падыходзіць днямі сусед і кажа: ”Вось, купіў новыя шпалеры, а цяпер не ведаю: клеіць ці не? Кажуць жа, што нас адсяляць будуць?”
Уладзімір ПЕТРУШКЕВІЧ: —Выбар пляцоўкі для будучай АЭС і наступнае яе будаўніцтва рэгламентуецца шэрагам нарматыўных дакументаў – “Законам аб радыяцыйнай бяспецы”, “Асноўнымі санітарнымі правіламі”, прынятымі ў 2002 годзе, нормамі радыяцыйнай бяспекі ад 2000 года. Згодна з імі атамная станцыя з’яўляецца радыяцыйным аб’ектам з некалькімі зонамі з рознымі рэжымамі. Як я разумею, мясцовых жыхароў найбольш хвалююць межы санітарна-ахоўнай зоны, у якой забараняецца пражыванне людзей і гаспадарчая дзейнасць. Для сучасных АЭС яна ў адпаведнасці з праектам станцыі ўстанаўліваецца ў радыусе 1,5-2 кіламетра, што, па сутнасці, супадае з тэрыторыяй станцыі.
Таццяна ГОЛУБЕВА: —Як, дарэчы, практычна ў любога буйнога прамысловага прадпрыемства.
Уладзімір ПЕТРУШКЕВІЧ: —Сапраўды. А далей пачынаецца 30-кіламетровая зона назірання. Дзе ідзе нармальная жыццядзейнасць, але пад кантролем за станам навакольнага асяроддзя і здароўем людзей як спецыялістаў станцыі, так і незалежных назіральнікаў. Дарэчы, што тычыцца грыбоў і ягад, то іх у такой зоне збіраць куды больш бяспечна, з упэўненасцю, што тут усё праверана. У адрозненне ад якога-небудзь выпадковага аддаленага лесу, дзе невядома якія цяжкія металы ці яшчэ якія шкодныя рэчывы могуць утрымлівацца ў глебе. Я жыву ў пасёлку Сосны пад Мінскам, дзе на працягу пяці гадоў, з 1985 па 1990, дзейнічала АЭС. Пасёлак знаходзіцца на мяжы санітарна-ахоўнай зоны, у адным кіламетры ад станцыі. І мы заўсёды збіралі грыбы ў бліжэйшым лесе, ведаючы, што тут яны гарантавана чыстыя. Адсяленне населеных пунктаў магчыма, толькі калі яны трапляюць у перыметр санітарна-ахоўнай зоны. Пакуль кропка прывязкі АЭС дакладна неўстаноўлена і дакладна гаварыць пра адсяленне тых ці іншых вёсак немагчыма. Можна толькі сказаць, што выбар пляцоўкі АЭС вядзецца, у тым ліку, і з задачай пазбегнуць адсялення мясцовых жыхароў.
Віктар СВІЛА: —Што тычыцца пытання, хто ж будзе працаваць у сельскай гаспадарцы, калі ўсе кінуцца на атамную станцыю, то тут таксама панікаваць не варта. Па-першае, усе не кінуцца, бо там патрэбны спецыялісты пэўнага профілю і кваліфікацыі. А, па-другое, ужо сёння тая энерганасычаная тэхніка, якая паступае ў нашы кааператывы, фермы з сучасным абсталяваннем, што будуюцца, дазваляюць вызваліць пэўную частку рабочых рук і даць дастойную зарплату застаўшымся. Так што тым, хто хоча і ўмее працаваць, будзе магчымасць знайсці работу і адпаведны сваёй кваліфікацыі заробак у любым месцы. А тым, хто і сёння скардзіцца на сваю незапатрабаванасць, і заўтра будзе цяжка, бо ні ў калгасе, ні на станцыі не патрэбны людзі, якія мараць нічога не рабіць і пры гэтым атрымліваць вялікія грошы. Тыя негатыўныя моманты, якія могуць узнікнуць у працэсе магчымага будаўніцтва ў нашым раёне атамнай станцыі, не ідуць ні ў якое параўнанне з перавагамі, якія гэты аб’ект можа прынесці. І перш за ўсё ў сацыяльнай сферы. Бо пойдуць зусім іншыя паступленні ў бюджэт, якія можна будзе накіраваць на патрэбы людзей. Стане развівацца медыцына – і новае сучаснае абсталяванне паслужыць усяму насельніцтву раёна. Гэтак жа, як і новыя школы, дзіцячыя садкі, установы культуры, спартыўныя збудаванні. З‘явіцца больш сродкаў для адраджэння помнікаў даўніны, якія сёння часам знаходзяцца ў занядбаным стане, для выхавання духоўнасці, арганізацыі пленэраў мастакоў кшталту таго, які мы сёлета правялі ў Варнянах. Перавагі нам сёння нават цяжка ўявіць і ацаніць.
Уладзімір ПЕТРУШКЕВІЧ: —І яшчэ адну тэму хацелася б закрануць, ацэньваючы тыя перавагі, якія можа даць рэгіёну размяшчэнне атамнай станцыі. У раён прыедзе вялікая колькасць людзей, па разліках, ад двух да сямі тысяч на розных этапах будаўніцтва. А горад-спадарожнік АЭС да 2020 года будзе мець колькасць насельніцтва каля 25 тысяч чалавек. Прычым гэта будуць высокаінтэлектуальныя, адукаваныя людзі. Дарэчы, што тычыцца прагнозаў наконт пагаршэння крымінагеннай сітуацыі, то хачу нагадаць, што атамная станцыя – гэта рэжымны аб’ект, і ахове правапарадку на прылягаючай тэрыторыі будзе надавацца зусім не другараднае значэнне, бо ад гэтага залежыць бяспечная дзейнасць станцыі. Для работы на станцыі спатрэбіцца вялікая колькасць спецыялістаў рознага профілю. І рыхтаваць іх, зразумела, лепш на месцы. Таму ў раёне, хутчэй за ўсё, будуць арганізаваны філіялы адпаведных навучальных устаноў, для моладзі з раёна станцыя будзе ствараць нейкія прэферэнцыі пры паступленні – словам, адукацыйны ўзровень насельніцтва ўзрасце.
Ніна РЫБІК: – Апошняе пытанне цесна звязана з папярэднім і хвалюе жыхароў не менш: калі будзе прынята рашэнне аб месцы размяшчэння пляцоўкі для будаўніцтва АЭС? І якая верагоднасць таго, што першая беларуская АЭС будзе насіць назву “Астравецкая”?
Аляксандр МАРОЗ: —На мой погляд, у астравецкай пляцоўкі толькі адзін негатыўны момант: блізкасць Нарачанскага запаведніка.
Альфрэд КАЛЕСНІК: —Але ў нас ёсць і неаспрэчныя плюсы. Электраэнергію трэба ж не толькі выпрацаваць, але і перадаць спажыўцу. У нас жа побач – шэсць магутных ліній электраперадач, у тым ліку і міжнародных.
Уладзімір ПЕТРУШКЕВІЧ: —Што тычыцца ўздзеяння на прыроду, у тым ліку і на Нарачанскі нацыянальны парк, то сапраўды, магчыма, што частка яго трапіць у 30-кіламетровую зону. Але, прапаноўваючы пляцоўку для размяшчэння станцыі, мы павінны даць абгрунтаванне, што АЭС не акажа негатыўнага ўплыву на прыроду, у тым ліку і на запаведнікі, заказнікі і г.д. Якое затым скурпулёзна правяраюць спецыялісты, і без іх станоўчага заключэння ніхто не дасць дазволу на будаўніцтва станцыі. А гаварыць аб перавагах той ці іншай пляцоўкі рана. Пакуль што ідзе даследаванне ўсіх трох. На Краснапалянскай даследчыцкія работы выкананы прыкладна на 90 працэнтаў, на Кукшынаўскай – на 60, на Астравецкай – каля 30. Каб прыняць рашэнне аб выбары пляцоўкі, трэба мець аднолькавы аб’ём даследаванняў – каб была магчымасць для параўнання. Таму цяпер ваша пляцоўка вывучаецца найбольш інтэнсіўна – каб мець такі ж аб’ём дадзеных, як і на іншых. Калі ўсе неабходныя звесткі будуць сабраны, спецыяльная камісія дасць сваё заключэнне: па геалагічных, прыродных, тэхнічных і іншых параметрах для будаўніцтва АЭС найбольш падыходзіць вось гэта пляцоўка. Затым сваё заключэнне даюць прадстаўнікі місіі МАГАТЭ. А затым, кіруючыся гэтымі вынікамі, канчатковае рашэнне аб месцы будаўніцтва станцыі прыме вышэйшае кіраўніцтва краіны. Калі ўсе параметры прыкладна аднолькавыя, будзе ўлічвацца далейшая перспектыва: усё ж цыкл работы станцыі, з улікам яе будаўніцтва і зняцця з эксплуатацыі пасля выпрацоўкі рэсурсу, складае сто гадоў. Ну і іншыя аргументы будуць брацца да ўвагі – думка мясцовага насельніцтва, палітычныя моманты. У любым выпадку да канца года рашэнне аб месцы будаўніцтва першай беларускай АЭС павінна быць прынята.
Таццяна ГОЛУБЕВА: —Як кажуць, прыйдзе час – даведаемся. Адно скажу: будзе шкада, калі выберуць не наш раён. Гэта ўнікальны шанс і неацэнныя перавагі для яго перспектыўнага развіцця.
Re: Астравецкая атамная: што дзень наступны нам рыхтуе?
Здароўкі!
Магчыма, я маю праблему з праглядальнікам, але пры пстрычцы на галоўнай старонцы на лінк "Чытаць далей" вяртаецца старонка бяз тэксту Вашага допісу. Ці не маглі б Вы спраўдзіць, дзе праблема?
Дзякуй!
Re: Астравецкая атамная: што дзень наступны нам рыхтуе?
выпраўлена
Re: Астравецкая атамная: што дзень наступны нам рыхтуе?
Аўтару: не забывайцеся, калі ласка, пра тое што ваш тэкст будуць чытаць іншыя людзі. Для таго каб палепшыць успрыняцце вашых тэкстаў трэба не забывацца на фарматаванне тэкстаў і выкарыстанне тэкставага рэдактара. А выкарыстанне ілюстрацый павялічвае візуальную успрымальнасць тэкстаў (іх можна браць напрыклад у пошуку гугла: http://images.google.com/)
Таксама не забывайцеся што спіс html-тэгаў абмежаваны і выкарыстанне некаторых з іх недазволенае. Гэта можа выклікаць пэўныя праблемы, як вы ўжо маглі заўважыць.
Re: Астравецкая атамная: што дзень наступны нам рыхтуе?
Яшчэ пажадана вылучаць сэнсоўныя элемэнты (прыкладам, імёны бакоў гутаркі) тлустым колерам ды неяк выносіць буйным кеглем асноўныя думкі. Так лякчэй ўспрыймаецца.
Re: Астравецкая атамная: што дзень наступны нам рыхтуе?
Прыношу прабачэнні, проста ўчора вельмі спяшаўся і не было часу даводзіць да розуму. У будучым абяцаю так больш не рабіць.