Адукацыя ў Брытаніі: міты
Міт 1. Усё лепшае - у сталіцы.
Зірнем на рэйтынґ брытыйскіх унівэраў паводле вэрсіі Ґардыян (дарэчы, у нас на плыні навучаўся ейны былы намесьнік галоўнага рэдактара). Як відаць, зь першага тузіну толькі тры (Лёнданская Школа Эканомікі, Унівэрсытэцкі Каледж Лёндан, Імпэрскі Каледж) знаходзяцца ў сталіцы, астатнія - па-за ейнымі межамі. Рэч у тым, што унівэрсытэты тут наўмысна ствараліся па-за межамі вялікіх местаў, каб быць падалей ад кантролю дзяржавы й мець магчымасьць фактычна рэалізоваць права на самакіраваньне. Ды й зямля за межамі местаў была заўсёды таньнейшая й было, куды разрастацца.
Апроч таго, Брытанія не настолькі цэнтралізаваная, як Беларусь, дзе бальшыня нутранай міграцыі кіруецца ў Менск: існуюць і іншыя цэнтры, таньнейшыя й зручнейшыя для працы й жыцьця. Плюс выдатная камунікацыя па ўсёй краіне. Гэтыя чыньнікі ёсьць вельмі істотнымі пры прыняцьці рашэньня пра стварэньне новых ВНУ.
І, нарэшце, мэнтальнасьць - тут ня лічыцца, што ў Лёндане ўсё змоўчкі найлепшае толькі таму, што тамака сядзіць урад.
Хаця, мушу адзначыць, што словы Оксфард, Кембрыдж, Лёндан гучаць магічна для брытыйцаў: ніхто яшчэ іміджавы чыньнік не скасоўваў. Таму, калі Вы скажаце, што навучаліся ў адным з гэтых местаў, Вы адразу набудзеце статус ґуру (умоўна кажучы). І ніхто ня будзе зьясоўваць, дзе менавіта ў Лёндане давялося піці студэнцкае піва-гарэлку.
Міт 2. Галоўнае - паступіць. У Беларусі гэта сапраўды так: болей за ўсё я працаваў менавіта перад паступнымі іспытамі. Першым годам адведваў амаль усе лекцыі, а потым, пардон, забіў. І нічога, скончыў. Хаця дзяржаўны йспыт ды абароны дыплёму давялося ладзіць амаль што па ўласным графіку: спазьніўся на іх з чарговага падарожжа. :-). І нават дапушчаць не захацелі. Але ў рэшце дазволілі. Хаця ў Брытаніі наўрад ці нават тлумачэньні б прынялі.
У Брытаніі адносна латва стацца студэнтам, але нялатва ім заставацца да канца. Паступовых іспытаў амаль што нідзе няма: пры паступленьні складаецца стандартызаваны пакет дакумэнтаў (жыцьцярыс, копіі наяўных дыплёмаў, заява, рэкамэндацыі ад пары прафэсараў, на вымогу камісіі - некалькі эсэ або тэстаў, якія папярэдне дасылаюцца кожнаму ахвочаму) - і ўсё. Часу гэта бярэ тры-чатыры гадзіны. Брытыйскія ўнівэрсытэты апастылю не вымагаюць, дарэчы: можна перакласьці самому, хаця лепей будзе прыкласьці пасьведчаньне таго, што Вы маеце нейкае падабенства моўнай адукацыі. Далей для музыкальных спэцыяльнасьцяў ідуць праслухоўваньні, на якія трэба ехаць за свае грошы, для мэдычных - нейкія іспыты, спалучаныя з сумоўямі, але тут магчымыя варыянты. Для ўсіх іншых - або нічога (тады рашэньне пра залічэньне прымаецца на падставе дасланых дакумэнтаў), або сумоўе (якое можна адбыць па тэлефоне ці Скайпе). Зазвычай для ўсіх, апроч музыкі й мэдыцыны, яно досыць фармальнае. І ўсё, ты залічаны.
Але ці застанесься студэнтам - пакажа першая сэсія. ВЕЛЬМІ-ВЕЛЬМІ рэдка ў мясцовых унівэрах дазваляюць пераносіць тэрміны здачы работ. Не пасьпеў да дэдлайну - аўтаматычна нуль балаў і праблема зь пераздачай. Бегаць з каньяком і залікоўкай за выкладчыкам ня мае сэнсу: яны ніколі не парушаць працэдуры, а аматару латвага заліку прышыюць яшчэ й спробу хабару з імгненным адлічэньнем. І грошаў ня вернуць. А тое і ў суд пададуць за спробу дацьця хабару.
Але маю зьясаваць: тутака вельмі распаўсюджаная практыка заліваньня заняткаў разам з выкладчыкамі. Прыкладам, почасту здараецца, што пасьля вечаровага сэмінару (якія зазвычай не абавязковыя да адведваньня) выкладчык бярэ запрошанага госьця й тых студэнтаў, што дайшлі-ткі да сваёй альма-матэр, ды йдзе ў бліжэйшую кнайпу, дзе пад добры Ґінэс або кіславатае ангельскае піва абмяркоўваюць сусьветныя праблемы. Вось толькі на іспыце гэта ніяк не дапамагае. І слушна.
Праваліў іспыт або эсэ - пераздача. Не пераздаў - адлічэньне. Толькі для выняткова пасьпяховых па іншых прадметах студэнтаў дазваляюць другую пераздачу або перазалік балаў (гэта калі балы за працу па адным прадмеце могуць пераводзіцца на працу па іншым). Працэдуру зьясоўваюць для студэнтаў ад самога пачатку й ніколі ад яе не адхіляюцца. На гэтым, мабыць, і грунтуецца напрацаваны прэстыж гэтай сыстэмы. Калі ты здаў - то здаў сапраўды, а не пасьля стопятнаццатай спробы.
Калі на канец году застаюцца нязданыя "хвасты" - табе прапануюць або пераседзець курс, або адлічацца без выданьня дыплёму. Пераседзець курс наноў каштуе грошаў і яшчэ аднаго году ў Брытаніі. А брытыйскія месты - нятанныя. Да таго ж, з 2009 году амбасады Брытаніі не выдавацьмуць візаў тым студэнтам, якія мусілі двойчы пераздаваць працы.
Міт 3. Вельмі дарагая адукацыя.
Сапраўды, у Брытаніі адукацыя платная і нятанная. Калі для студэнтаў з краінаў ЭЗ урад усталёўвае "столь" (сёлета можа быць ня болей за 4000 хвунтаў), то грамадзяне з па-за ЭЗ мусяць плаціць удвая болей. Музычная, мэдычная й кіраўніцкая адукацыя каштуе яшчэ болей, для не-ЭЗшнікаў і тутака ўжываецца каэфіцыэнт 2. Але!
Практычна кожны ўнівэрсытэт штогоду прапануе шэрагу студэнтаў кампэнсацыю часткі або цалкам коштаў навучаньня. Пабачыць гэта можна ад самога пачатку, калі пры запаўненьні заявы на прыймо ва ўнівэр цябе просяць накрэмзаць пару словаў пра сваё фінансавае становішча. Пад гэым пунктам шмат дзе пазначана, што "Вы аўтаматычна будзеце разгледжаныя ў якасьці кандыдатуры на атрыманьне фінансавай дапамогі". І калі раптам твая фотка "фас! профыл!" спадабалася прыймовай камісіі (бо я сапраўды не разумею, зь якіх яшчэ матэрыялаў рабіць выснову пра здатнасьці таго ці іншага кандыдата: усё, што дасылаецца, мае характар агульны ды ніякім чынам ня сьведчыць пра будучую пасьпяховасьць патэнцыйнага студэнта), то цябе звычайна выклікаюць на сумоўе, якое можа адбывацца па Скайпе або тэлефоне, пасьля якога й вырашаецца, ці атрымаеш ты магчымасьць навучацца зь зьніжкай або задарма. Студэнт гэтых грошаў ня бачыць, проста яму паведамляюць, што ён ня мусіць сплочваць tuition fees - і ўсё.
Прыкладам, для грамадзян краінаў ЭЗ у Шатляндыі адукацыя дармовая (+ яшчэ для шатляндцаў, але англікі, ўэльсцы й паўночныя ірляндцы мусяць плаціць, хаця, што праўда, амаль удвая меней, чым у сярэднім у Вангельшчыне). Неэўрапейцы таксама плоцяць, але гэтаксама ўдвая меней, чым заплацілі б у Лёндане, Кенце або Кардыфе. Так што, калі няшмат грошаў і няма шанцу атрымаць адукацыю задарма, то варта падумаць пра Шатляндыю: і адукацыя, і жыцьцё прынамсі на 50% таньнейшыя за Лёндан. І гэльскую падвучыце :-)
Для грамадзян ЭЗ існуе магчымасьць браць пазыкі, каб аплаціць навучаньне, якія пачынаюць сплочвацца празь пяць гадоў па заканчэньні ўнівэра або тады, калі знаходзіш працу з прыбыткам вышэй пэўнага. Але для грамадзян іншых краін гэта, натуральна, не варыянт.
Міт 4. Вельмі цяжка атрымаць візу, таму паступаць туды ня варта.
З майго уласнага досьведу, у 2008 годзе візу ў Брытанію студэнту атрымаць было досыць латва. Па-першае, ніякіх чэргаў: рэгістрацыя на прыймо адбываецца празь Сеціва, анкета раздрукоўваецца й прыносіцца з сабой. Ад унівэра патрабавалася пасьведчаньне аб паступленьні. Таксама няблага было б мець кантракт на жытло. Пакет здаваўся ў вакенца, плаціліся 220 даляраў, віза ставілася на наступны дзень. Праўда, гэта ня ўсё: падчас першага прылёту трэба быць гатовым, што памежная варта Каралеўства будзе вельмі падрабязна распытваць пра мэту вандроўкі, а таксама папросіць арыгінальныя дакумэнты (запросіны з унівэра ў студэнцкім выпадку). Так што апошнія заўжды трэба мець і злавацца ня варта: такая працэдура. Яна распаўсюджваецца нават на грамадзян тых краінаў з па-за ЭЗ, што маюць з Злучаным Каралеўствам угодзіны пра бязьвізавы рэжым (Аўстралія, ЗША). Брытанія ня ў Шэнґене й не дэманструе вялікага жаданьня далучацца да яго.
Але, зрэшты, брытыйскія памежнікі пагжэчней будуць за летувіскіх (маю зуб на гэты народ з ковеньскага лётнішча).
Зараз працэдура трохі зьмянілася, як высьветлю - напішу асобны допіс.
Працяг будзе.
Карысныя спасылкі: ПОШУК УНІВЭРАЎ НА АБТОКАХ, РЭЙТЫНҐ 2009-2010 ГОДУ (ПАВОДЛЕ ВЭРСІІ ҐАРДЫЯН)


Комментарии
23 Май 2008
40 недель 3 дня
это виза 220 доллларов туда стоит?
30 Октябрь 2008
4 недели 21 час
Так.
30 Октябрь 2008
4 недели 21 час
Віза ў Брытанію даецца прынамсі на паўгады (візытоўная) і каштуе да 200 даляраў. Студэнцкая якой заўгодна працягласьці цягнула летась на 220. Зараз трохі болей у сувязі з падзеньнем хвунту.
Отправить комментарий