Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | Агрегатор | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Лісья бухта, ці, як яе скарочана называюць, Ліска, вядомая сваім файным гэаграфічным становішчам на мапе Крыма і сваім вясёлым і дабразычлівым мясцовым "насельніцтвам" (тымі, хто скажуць: "Мы прыехалі ў Ліску жыць!"). Гэта адно з найвядомейшых месцаў летняга нефармальнага жыцьця і адпачынку на моры моладзі з розных краін, у тым ліку, і зь Беларусі. Чым жа так вабіць Лісья бухта і чаму туды варта з'ездзіць хоць раз, каб потым шмат разоў вяртацца?
Мора... Мора!!!
Без камэнтароў. Мора ёсьць мора, яго не падменіш для душы ніякімі рэкамі і азёрамі, агулам узятымі. Мора - гэта бясконцасьць, гэта энэргія, гэта спакой і сьвятло. Хто ніколі не быў на моры - з'ездзіце, бо гэта ўражаньні на ўсё жыцьцё. Гэта непаўторныя эмоцыі, яны неабходныя абсалютна кожнаму, кажу вам як "эксперт", які звазіў на мора ўпершыню не аднаго чалавека: захапленьне, якое бачыш у вачох чалавека яскравей за любыя высокія словы.
Дык чаму Ліска, калі мора ёсьць значна бліжэй: Балтыйскае, напрыклад. Ці тая ж Адэса - яна амаль на 400 км бліжэй за Крым па шашы. Адкажу так: я была і на Балтыйскім, і на Паўночным, і на Азоўскім і на Чорным моры. Прычым, Чорнае мора Чорнаму мору не роўнае. Мора ў Адэсе, скажам, і мора ў Ялце - гэта розныя рэчы. Я была ў розных месцах, бачыла розныя берагі аднаго і таго ж мора па ўсім яго ўкраінскім узьбярэжжы. То бок, ёсьць з чым раўнаць, і я кажу абсалютна ўпэўнена і цьвёрда: Лісья бухта - гэта лепшая вада, лепшы бераг, лепшы клімат. Калі стаіш у вадзе, нават глыбока - вада настолькі празрыстая, што бачныя ўсі каменьчыкі на дне. Такой чыстай вады я больш нідзе не сустракала. Калі заходзіш на гару, бачна, якая празрыстая, блакітная вада ўнізе... З сярэдзіны ліпня да верасьня вада такая цёплая, што купацца можна нават уночы, бо гэта бухта і там няма моцных плыняў, якія могуць зацягнуць у вір і патапіць: там спакойнае цёплае мора з галькай на беразе і чыстым пяском на дне. Ёсьць месцы, дзе трапляюцца камяні, але іх небагата.
Бераг і навакольле
Бераг акаляюць горы, у склад якіх уваходзіць пераважна... гліна! Так, сапраўдная лекавальная гліна! Прыбывальнікі Ліскі любяць размочваць яе ў марской вадзе і намазвацца, бо гліна ратуе скуру ад сонечных апёкаў, а таксама ад розных іньшых хвароб (недалёка знаходзіцца санаторый, дзе выкарыстоўваюць у лячэньні гліну гэтаксама). Раней уся Лісья бухта была марскім дном, у некалькіх кіламетрах па моры нават ёсьць патухлы вулкан, а цяпер гэта частка чыстага, цёплага, спакойнага мора, а навокал невысокія горы да 100 м з асадкавых парод, а калі прайсьці ад берага далей,то можна зайсьці на высокія горы, самая бліжэйшая да берага - гара Ачкідаг, "авеч'я гара", на ўсходзе - гара Карадаг і Карадагскі запаведнік, які можна наведаць з пешай і марской экскурсіяй (кажуць, што раней на тэрыторыі гэтага запаведніка было вельмі шмат каштоўных каменьчыкаў, адна Сэрдалікавая бухта чаго вартая! Туды наўпрост прыганялі экскаватары і зьбіралі іх на апрацоўку!). На захадзе - мыс Мэганом, за якім па беразе знаходзіцца мястэчка Судак.

З прэснай вадой праблем няма: на тэрыторыі Ліскі ёсьць 3 крыніцы з пітной вадой: два на Ачкідагу, у гарах, і адзін - на ўзьбярэжжы, 40 хьвілін у бок Мэганому.
"Абарыгены" ведаюць патаемныя сьцяжыны ў закінутыя вінаграднікі і ў міндалёвы гай, адкуль у сярэдзіне жніўня можна зьбіраць і частавацца вінаградам і сапраўдным спелым міндалём! Таксама на Лісцы ловяць марскую рыбу, зьбіраюць з падводнай маскай рапанаў (марскія малюскі ў вітых ракавінах) і мідый, робяць зь іх на вогнішчы "шашлык" і дадаюць у свае стравы.
У 40 хвілінах па беразе знаходзіцца Курортнае, маленькая прыбярэжная вёска, дзе можна набыць прадукты і прадметы першай неабходнасьці, а яшчэ ў 30 хв язды на аўтобусе - Кактэбель, Судак і Фэадосія, куды ў любы момант можна з'ездзіць па прадукты.
Мясцовае насельніцтва
Дабразычлівае і мірнае. Канфліктаў не назіралася. На тэрыторыі Ліскі дзейнічае так званая чайхана: кшталту прыбярэжнага маленькага кірмаша-кавярні. Раней кошты там былі гуманныя, зараз, напэўна, часы зьмяніліся... Таму са студэнцкімі грашыма на іх ежы доўга не працягнеш, не пашкодзіць мець з сабой кацялок, дзе заўсёды можна зварыць сабе ежу самастойна!
Камароў, маскітаў, мух, мошак - няма. Занадта спякотна для іх. Такога кшталту насякомых у Крыму ў прынцыпу няма! Таму "камарафобы" азёрных мясьцін - тут для вас рай на зямлі! На свае вочы з насякомых бачыла толькі скалапендр, ды і тыя толькі ў гарах водзяцца. Падобныя на сараканожку, балюча кусаюцца.
Заўсёды багата малых дзетак! Людзі, закаханыя ў гэтае месца, кожнае лета едуць сюды сем'ямі. Ёгі, гіпі, рыбакі, фаэршчыкі, музыкі (Гэра Мараліз з "Джа Дзівіжн" і Жанна Агузарава), нэфармалы і падарожнікі - каго тут толькі няма, чым пералічваць, прасьцей прыехаць і пабачыць усё на свае вочы.
Кропля дзёгцю...
Cонечна. Вельмі сонечна. Занадта сонечна. На аматара. Запасайцеся крэмам дзеля загару! Абавязкова! Ценю на беразе НЯМА, цень - толькі ў гарах, там, дзе дрэвы.
Мала дроў. Адпаведна, таму што мала дрэў! Таму вогнішча - справа клапотная.
Аддаленасьць ад цывілізацыі. Ці мо гэта плюс?...
Аднаабразнасьць "культурнай праграмы" - мора-пляж-пляж-мора. Каму патрэбны актыўны адпачынак - можаце на месцы не валяцца на пляжы, а палазіць па гарах. Хаця ў тую сьпёку рухацца і адыходзіць ад мора ну та-а-ак ня хочацца!...
Кошты. Як ні круці, а гэта Крым. А ён танным ня быў ніколі. Але, у прынцыпу, па студэнцкай кішэні!
Адтуль вельмі сложна вырвацца і паехаць дамоў! Кажуць: "Лісья бухта не адпускае". Можна зьбірацца з'ехаць напрацягу некалькіх дзён, а потым застацца яшчэ на некалькі тыдняў! ... Бо там добра.
Даволі далёка ад Беларусі: болей за 1500 км адсюль! Але ... з кожным годам туды прыязжае ўсё болей і болей беларусаў, знаёмяцца паміж сабой, яднаюцца, падарожнічаюць разам, сустракаюцца разам у Беларусі. Дык яно таго варта: двое сутак шляху - і вось ён, райскі куток, дзе можна абсалютна фантастычна адпачыць і забыцца на ўсе свае праблемы і турботы!
Re: Лісья Бухта
Ух ты! Як файна! А ты там была ці так чыста проста распявядаеш?
Re: Лісья Бухта
мда.... а як туды даехаць та...
выкладвайце дакладную мапу... яшчэ цэлы жнівень, мо рвануць туды