Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | Агрегатор | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Жнівень – месяц Маці Божай Вострабрамскай. У перадапошнюю нядзелю гэтага месяца вось ужо ў шаснаццаты раз прыходзяць да яе пілігрымы. З Беларусі, Польшчы і з Літвы.
Упершыню ў Меку беларускіх католікаў – Вільню – да Найсвяцейшай Заступніцы адправілася пілігрымка з Астравеччыны. Удзел у ёй прынялі 37 чалавек. Узначаліў вандроўку пробашч Кямелішскаўкага касцёла ксёндз Яўген, якому дапамагалі манахі-кармяліты.
Распачалася пілігрымка ў Гудагайскім касцёле ля цудатворнага абраза Маці Божай Шкаплернай. Спачатку была адарацыя ў гонар Беззаганнай, потым імша, правёў якую дэкан Астравецкай дыяцэзіі ксёндз Здзіслаў Пікула.
–Ваша дарога пачынаецца з Маці Божай і ёй заканчваецца, – звярнуўся да пілігрымаў дэкан. – Ідзіце па ёй без страху – Найсвяцейшая сатрэ пот з вашых твараў і суцешыць боль мазоляў на вашых нагах. Маліцеся за ўсю Беларусь, каб панавалі на ёй мір і паразуменне. І няхай узмоцніцца ваша вера.
“Вера. Надзея. Любоў” – такой была тэма пілігрымкі. А прысвячалася яна цвярозасці – усе цяжкасці трохдзённага падарожжа пілігрымы ахвяравалі барацьбе з п’янствам.
Намаганнямі ксяндза Яўгена арганізацыя вандроўкі была бездакорнай – і ў Астраўцы, і ў Вароне, і ў Лаварышках, і ў Вільні нашых пілігрымаў чакалі і начлег, і вячэра.
–Пілігрымка асабіста для мяне з’явілася ўнікальнай магчымасцю прайсці шляхам маіх продкаў – дзяды-прадзеды хадзілі ў Вільню менавіта гэтай дарогай, – расказала Алена Запрудская, адна з пілігрымаў. – Хаця, безумоўна, галоўнай мэтай падарожжа стала наведванне Вострай Брамы і яе патронкі – Маці Божай. Колькі сіл і натхнення дала нам імша ля цудатворнага абраза! Колькі радасці! Дамоў мы вярнуліся, не адчуваючы ніякай стомы. Нізкі паклон вам, ксёндз Яўген. Дзякуй вялікі ўсім, хто ішоў побач са мной, і тым, хто прымаў нас на начлег. Такія пілігрымкі аб’ядноўваюць людзей.