Падтрымка Калякіным незалежнасьці П.А. й Абхазіі

Заклік спадара Калякіна падтрымаць Расею ў вызнаньні незалежнасьці Паўднёвае Асэтыі ды Абхазіі мо й ня выклікаў бы цэлую завіруху абурэньня, калі б не ягоныя словы наконт таго, што "Беларусь таксама атрымала незалежнасьць дзіўным чынам, калі тры чалавекі ў Пушчы падпісалі пагадненьне (гаворка вядзецца аб Белавескіх ўгодзінах)". Пад артыкулам усчалася завіруха, якая перакінулася й на блаґасфэру. Як, адзін зь лідэраў АДС??? Каго вы туды набіраеце, выгуквала сеціўная грамада.

Ніхто не аспрэчвае, права на самавызначэньне - гэта сьвяты прынцып для ўсіх паняволеных народаў. Яму, натуральна, значна замінае іншы прынцып, які замацаваўся ў палітыцы па заканчэньні Другое Сусьветнае вайны - прынцып недатыкальнасьці межаў. І тым ня меней, за 50 гадоў быў распрацаваны неблагі мэханізм сягненьня кансэнсусу. Вяртаньне (або прыдбаньне) незалежнасьці можа йсьці некалькімі шляхамі, але пры ўсіх іншых роўных адзіны чыньнік заўжды застаецца абавязковым і вымагальным: наяўнасьць па справе перакройкі межаў міжнароднага кансэнсусу. Часы, калі дзяржавы на ўласны густ перараблялі свае франтыры, даўно ўжо мінулі.

У выпадку з Паўднёвай Асэтыяй ды Абхазіяй гэта ня так. Я ня ведаю гісторыі таго рэгіёну, мае веды абмяжоўваюцца толькі тым, што здарылася ад 90-га. Я ведаю, што грузіны з асэтынамі ды абхазамі не заўжды сябравалі, але ж гэта - агульны лёс усіх горскіх народаў, чыя прага да незалежнасьці была й ёсьць параўнальнай толькі з прагай Брытыйскае Імпэрыі да новых калёніяў. Я ўпэўнены, што Асэтыя й Абхазія мелі годную гісторыю й яны заслугоўваюць на незалежнасьць. Аднак як патлумачыць тое, што прэзыдэнт П.А. Какойты заявіў, што "ён ня будзе зьвяртацца па вызнаньне незалежнасьці да міжнароднае супольнасьці, але толькі да Расеі"? Як патлумачыць тое, што той жа ж Какойты заяўляў надоечы, што "назіральнікі (ад АБСЭ - аўт.) няхай назіраюць у Грузіі, да сябе мы іх ня пусьцім"? Чаго ён баяўся? Таго, што назіральнікі ня ўбачаць векапомных 2000 сьвежых магілаў ды зьнішчанага дашчэнту Цхінвалу, якім апэравалі расейскія СМІ, паказваючы замест аўтэнтыкі фоткі зруйнаванага бамбаваньнямі грузінскага места Ґоры? Неяк не пасуе прэзыдэнту, якому залежыць, каб незалежнасьць яго краіны вызналі.

Якім чынам абхазы, якія нават паводле свайго ахвіцыйнага перапісу складаюць меней за палову насельніцтва, здолелі стварыць нацыянальную дзяржаву? Якім чынам даводзіцца казаць аб незалежнасьці, калі ў цхінвальскім урадзе спрэс расейскія ймёны й прозьвішчы? Якая незалежнасьць можа быць, калі П.А. - частка Асэтыі, якая была падзеленая Сталіным на Паўднёвую (да Грузіі) ды Паўночную (да Расеі)? Ці не лягічна ім было б узьяднацца ды разам змагацца за незалежнасьць?

Не вядзецца гутаркі аб вызнаньні незалежнасьці, калі такім чынам суседняя дзяржава намагалася перакраіць межы свайго суседа без санкцыі Рады Бяспекі ААН ды пры агульным міжнародным асуджэньні. Не пасуе, спадарства! І таму непрымальна.

А што датычыць "дзіўнага чыну прыняцьця беларускае незалежнасьці"... Ну што ж, спадар Калякін - камуніст, а погляды камуністаў на развал ЗРСР мы ведаем. У Беларусі ўсіх, хто выступае супраць А. Лукашэнкі, залічаюць да нацыяналістаў. Але ад гэтага спадар Калякін болей ліберальным ня робіцца.

І зрэшты, мы ймкнемся да волі выказваньняў? Ну што ж, тады Калякін мае права гэта сказаць, а мы - не прыняць.