Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | Агрегатор | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Усе насамрэч былі ўпэўненыя ў тым, што-ткі нехта пройдзе ў парлямэнт. Ну ня можа такога быць, каб не прайшоў. Столькі ласкавых словаў сказана аб АБСЭ, пайшлі на некаторыя (дробныя, але неўяўляльныя ў 2004-ым) саступкі ў тым, што датычыла этэру для кандыдатаў. І тут - на, прыехалі. У парлямэнце 0 апазыцыі, усе 110 кандыдатаў абраныя ў першым туры. Нагадвае радзянскія выбары, дзе на тле безальтэрнатыўшчыны нават самы разбэшчаны вар'ят ды шаленец, хворы на галаву ды праляжаўшы палову свайго жыцьця ў вар'ятні, ня мог сабе ўявіць, што нехта ня будзе абраны ў першым туры.
Няўжо Лукашэнка мог сабе ўявіць, што АБСЭ вызнае гэтыя выбары? Няўжо ён мог падумаць, што Беларусь для Эўропы - такая цацка, за якую можна й заплюшчыць вочы на масавы прыгон паднявольных катэгорыяў насельніцтва да урнаў, на масавыя фальсыфікацыі, на перасьлед незалежных кандыдатаў? Назіральнікі АБСЭ ж не ідыёты, яны разумеюць, што, калі іх не падпушчаюць да сталоў, дзе ажыцьцяўляецца падлік, гэта значыць, што там нешта ня так...Яны ж не ашалелі, каб бачыць 20 адсоткаў прагаласаваўшых датэрмінова, каб лічыць, што гэта так і мае быць.
Натуральна, будзь назіральнікі нейкай аднастайнай групай (напрыклад, аднымі немцамі), то можна было б неяк падмаляваць агульную справаздачу, выпнуць станоўчыя бакі, мазнуўшы самыя абуральныя недахопы. Але, даруйце мне, у складзе камісіі ёсьць і палякі, і чэхі, чые палітычныя перакананьні ў бальшыні антылукашэнкаўскія. Я не магу, на жаль, сказаць таго ж аб летувісах, бо ў мяне ўвесь час ствараецца ўражаньне, што тое, што адбываецца ў нашай краіне, зь нейкага боку ім даспадобы. Хаця таму, што гэта дае ім магчымасьць бесперашкодна ствараць міт аб Летуве сучаснай як заснавальніцы ВКЛ.
Але бярэм толькі палякаў. Назірай яны ў 1994 або нават у 2007 годзе (апошняя дата - карупцыйны скандал у Польшчы, у выніку якога апазыцыя нават запрасіла іншаземных назіральнікаў адсочваць выбары), немцы маглі б адсунуць іх у бок і сказаць: 1. (1996) "Вы маладая краіна, толькі атрымалі сапраўдную незалежнасьць, вучыцеся ў нас", або 2. (2007) "Панове, а Вам не падаецца, што лепей спачатку разабрацца з Вашымі выбарнымі праблемамі?" Але зараз Варшаву вось так папросту не заткнеш: край дэмакратычны, моцная эканоміка, якая на тле спаднай Заходняй Эўропы выглядае папросту дасканала. Так што як бы не хацелі немцы й французы зазначыць хаця нейкі прагрэс - ня выйшла б.
Дык чаго чакаў Лукашэнка? Таго, што яму за гэты час Пуцін нешта запрапануе такога, ад чаго ён ня здолее адмовіцца??? Можа, ён і прапанаваў ужо, калі так выбары выйшлі? Або ён папросту згубіў пачуцьцё рэчаіснасьці? Вось гэта мне падаецца болей слушным варыянтам.
Але ў такім выпадку мы маем справу з уладай, якая цалкам дыскрэдытавала сябе як партнэр у міжнародных перамовах. Яна зьменіцца толькі ў выніку рэвалюцыі. Перамовы - ня той шлях.