Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | Агрегатор | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Старая баяністая показка ў якасьці эпіграфу:
- Папа, папа, скажи, почему по-французски говорят "ПарИ", а по-русски - "ПариЖ"?
- Это потому, сынок, что у нас всё через Ж.
Моўная палітыка ў Беларусі набіла ўжо аскому ўсім. Быццам бы мантру паўтараюць "Вось калі б Пазьняк быў болей гнуткі, не такі зацяты ў моўным пытаньні", або, наадварот "Прыйшлі злосныя нацыяналісты й захацелі, каб мы ўсе вучылі беларускую мову". Лягічнае заканчэньне фразы нумар два гучыць: "Дзякуй Бацьку, прыйшоў - і ўсіх разагнаў". Гыгыгы. Вось толькі ў мяне неяк ня склалася такога ўражаньня, што ўсе былі вось так супраць.
У галаве народу сядзеў моцны штамп, што беларуская мова - гэта каржакаваты дыялект расейскае. Прынамсі я маю такое ўражаньне, размаўляючы са старэйшым пакаленьнем. Як вынік, раптоўны пераход да беларусізацыі ня мог не засьпець зьнянацку ўсё беларускае грамадзтва за выняткам інтэлігенцыі. Такі шок быў паўсюдна - ад Гародні (хіба толькі ў меншай ступені) да Гомеля. У Беларусі не заставалася аніводнага цалкам беларускага рэгіёну, як, напрыклад, у той жа ж Украіне - заходнія вобласьці з Ільвовам у першую чаргу.
Будзь беларуская мова дзяржаўнай, адзінай, і будзь яна абавязковай умовай для посьпеху ў жыцьці - пасіўная бальшыня б без ваганьняў перайшла на яе, што, зрэшты, і паказваюць адсоткі навучэнцаў беларускамоўных школаў напачатку 90-х гадоў. Але пасіўная бальшыня не вырашала моўнай палітыкі: яна прыстасоўвалася пад яе.
Актыўныя ж групы падзяліліся на прабеларускія ды супрацьбеларускія, прычым супрацьбеларускія не з нагоды нейкага маральнага перакананьня, што расейская таксама мае права на існаваньне ў Беларусі. Выказваньні супраць беларускае мовы мелі, мабыць, характар збольшага практычны: калі чалавек да чагосьці імкнецца ды пачуваецца дома, ён успрыме ўводзіны новага абавязку (у дадзеным выпадку вывучэньня мовы) як дадатковае берамя на сябе й будзе супраціўляцца (маўляў, мне столькі ўсяго трэба рабіць - а тут яшчэ й беларушчынай займайся). Да таго, што трэба ведаць мову зямлі, на якой жывеш, мы пакуль не дажылі: глыбока засела ў нас спадчына расейшчыны, якая прымушае некаторых, прыяжджаючы ў Нямеччыну, зьвяртацца да немцаў па-расейску й шчыра дзівіцца таму, што яны не разумеюць твайго гергетаньня.
Ну, так ужо зараз ня кажуць, бо беларускі народ збольшага пра мову ўжо й не задумваецца. Ён задаволены ёй як нейкім рэквізытам дзяржаўнасьці, згодны, каб яна выконвала функцыю хутчэй цырыманіяльную. А вось як нешта пачынае на ёй размаўляць - гэта ўжо ўчынак.
Такім чынам выйшла, што мова сталася сымбалям непамяркоўнасьці, палітычнае прыналежнасьці, выбару - але ня сродкам зносінаў. Бо сапраўдным сродкам зносінаў мова можа стацца толькі тады, калі ёй пачнуць гутарыць масава.
Ці мы былі ў самым благім становішчы для пачатку адраджэньня на пачатку 90-ых? Адназначна не. Праз тую ж фазу прайшлі чэская й каталёнская мовы. Амаль была зьнішчанай і зараз адраджаецца, вельмі паволі, валёнская мова (на дыялектах якой раней размаўлялі ў Шатляндыі, Ірляндыі і ва Ўэльсе). Натуральна, трапіўшы ў Ірляндыю, яе не пачуеш, аднак колькасьці сеціўных старонак па-гэльску ўражвае. Моладзь зараз спрэс вывучае гэльскую мову. Праз гадоў 50 Ірляндыя сягне моўнага парытэту, што варта чаканьня й працы.
Пытаньне: але навошта? Раней было модным меркаваць, што празь пяцьдзясят гадоў у сьвеце будзе толькі адзіная мова, маленькія зьнікнуць або стануцца інтэлігенцкімі або субкультурнымі. Наўрад ці. Фаза аднамоўнасьці Эўропы й сьвету мінула. Пасьпяховы чалавек зараз мусіць ведаць прынамсі 2 мовы. Траціна Эўропы ведае тры альбо болей.
Дзіўна, але ў расейскіх рэгіёнах адбываецца той жа ж працэс, прычым на ўзроўні - што важна - рэгіянальным. Татарская мова, якая яшчэ не згубіла, на жаль, навязаны расейцамі комплекс "мовы неадукаваных пластоў насельніцтва". вярнулася ва ўнівэрсытэты: 30% праграмаў выкладаецца па-татарску. Па-за сталіцамі Башкартастану (Уфы) ды Татарстану (Казань) расейская мова зьяўляецца толькі адной зь некалькіх. І адсотак ужытку башкірскай ды татарскай моваў стала росьне.
Вось толькі расейцы яшчэ не зразумелі, што жывуць у шматнацыянальнай дзяржаве. Сустракаючыся з нозьбітам нейкай іншай мовы, яны робяць спагадлівыя заўвагі: нябога, ніяк не навучыцца па-чалавечы размаўляць. Гэта клініка.
Вось толькі татары з башкірамі супраць гэтай клінікі змагаюцца, а Беларусь чамусьці ўвесь час кідаецца ў братэрскія абдоймы, даставаючы газавых поўхаў.