“DON`T TALK KAK”

0

Слэнгі, або Як не разгубіцца за мяжой

Пакуль псыхолягі мяркуюць, чаму моладзь увесь час імкнецца павялічыць
дыстанцыю паміж сабой і дарослымі, аматары слэнгу кожную хвіліну
выкідваюць новыя словы ў сеціва, выбіраюць выраз дня, галасуць за
таленавітых слэнгераў і зьліваюць стафф. Пакуль мы вывучаем кніжную
мову, хлопцы і дзяўчаты з усяго сьвету, самі гэтага не ўсьведамляючы,
ствараюць уласныя і ўнівэрсальныя слэнгі, ахвотна карыстаюцца імі ў
паўсядзённым жыцьці. Пакіньце звычайныя размоўнікі сумаваць на паліцах,
бо слэнг больш не другасная мова!


*Слэнг (ад ангел. slang; s(sub) – прыстаўка, якая
падкрэсьлівае нязначнасьць, малаважнасьць; lang (language) –
мова).


 

Ці хто ведаў, што колькасьць слэнгаў большая за колькасьць моў. Але
калі мовы жывуць як галапагоскія чарапахі, то слэнгі – як
матылі-падзёнкі – пражываюць яркае, дынамічнае, але кароткае жыцьцё. І
вялікая колькасьць слэнгаў зьнікае назаўсёды. Прапануем вам некалькі
цікавых і вартых увагі “экзэмплярчыкаў”.


Palari

Так, Palari (ад італьянскага parlare – “размаўляць”) – форма
арго-слэнгу, якую ўжывалі прадстаўнікі гэй-субкультуры Брытаніі ў 60-ыя
гады. Паляры распаўсюджвалі вядучыя радыёшоў BBC Round the Horne
Джуліян і Сэндзі, якія ў этэры стваралі новы трэнд – сумесь ангельскай,
італьянскай, цыганскай моваў, слэнгу маракоў і блатнога жаргону. Паляры
дапамагаў не паліцца перад натураламі і пазнаваць “сваіх”. У тыя 60-я
можна было запытацца ў любога хлопца-клябэра: “Are you ‘blue’?” (“Ты
гэй?”) – і не хвалявацца, што табе пляснуць у вочы віскара. Гэі
разумелі, а іншыя ўвогуле не ўтыкалі, хто чаго хацеў. Дарэчы, за мяжой
слова blue вызначае ўсе магчымыя варыянты блакітнага колеру, але не
прыналежнасьць да колаў сэксуальных меншасьцяў. Толькі знаўцы Паляры
зразумеюць вас, бо гэта менавіта ў іх сьвядомасьці слова “homosexual”
“закадаванае” ў “blue” (другі варыянт – “so”).


Verlan



Францускі слэнг Verlan, у якім гуляюцца са складамі, быў створаны
некалькі стагодзьдзяў таму і ў наш час адноўлены рэпэрамі са зьбяднелых
кварталаў Парыжу. Сёньня ён выкарыстоўваецца як сакрэтная мова моладзі,
наркаманаў і крымінальных асобаў дзеля вольнага абмену інфай за
сьпінамі бацькоў і копаў. У Вэрляне слова разьбіваюць на склады,
рэвэрсуюць іх (перастаўляюць у адваротным парадку) і дадаюць або
выкрэсьліваюць нейкую літару, каб дабіцца лягічнага гучаньня.

Сама назва слэнгу зьяўляецца яскравым прыкладам:

l’envers (“ставіць з ног на галаву”):
l’envers... l’en vers... verslen... verlen... verlan.

 Некаторыя словы Вэрляну сталі такімі распаўсюджанымі ў паўсядзённым жыцьці, што іх рэвэрсавалі яшчэ раз:

Араб – un Arabe – un beur – reub.

Паліцэйскі – un flic – un keuf – feuk (француская шпана асабліва ганарыцца тым, што слова стала падобным да ангельскага fuck).


Šatrovački (Шатравачкі)



Слэнг Шатравачкі – гэта славянскі варыянт Вэрляну, які спачатку ўжывалі
зэкі Югаславіі, а сёньня на ім размаўляе значная частка моладзі
Белграду. Рэвэрсаваць словы спрабуюць таксама ў Сэрбіі, Харватыі,
Босьніі і Македоніі. Так “карабель травы” (trava) ператвараецца ў
vutr’у, а “malo piva” – ў loma vopi. Шатравачкі – гэта ня толькі
сакрэтная мова, гэта сьцёб і сродак ператварэньня звычайнага і звыклага
ў арыгінальнае і новае, склады перастаўляюцца нават у ніках і імёнах:
напрыклад, Marija гучыць на Шатравачцы як Rijama (амаль што Рыяма).


Suna



Калі ў Амстэрдаме вам, крый Божа, скажуць: “Уou have a ‘suna face’”, ня
варта расплывацца ў салодкай усьмешцы. Гэта сапраўднае прыніжэньне на
галяндзкай “мове падонкаў”. Suna – гэта варыянт так званага
backslang’у, калі слова чытаецца з канца. Прасунутая моладзь
карыстаецца новай мовай з асалодай, замест ангельскіх мацюкоў яны
ўжываюць Sun’у. Дастаткова сказаць галяндзкаму тынэйджару: “Ruoy rehtom
a erohwanus (Your mother a sunawhore),” – каб трапіць у мясцовы
шпіталь. Квітнець і пашырацца Sun’е дапамагае мясцовы інтэрнэт-часопіс
www.spunk.nl і, мабыць, менавіта за гэта атрымлівае ўжо які год Dutch
Bloggie Award. На сайце ў прыстойнай колькасьці (700 тысяч штомесяц)
тусуюцца маладыя прыхільнікі жартаў і абсурду, тыя, каго дасталі нормы
і правілы прыстойных паводзінаў.
Suna, suna, suna, I ma dlos... (suna, suna, suna, I am sold – я ў захапленьні).


Surfrican



У 1820 годзе каляністы Афрыкі, самі гэтага ня ведаючы, распачалі доўгую
гісторыю стварэньня непаўторнага паўднёваафрыканскага слэнгу. У выніку
ў адным лінгвістычным катле зварыліся ангельская, француская,
галяндзкая, індыйская, кітайская, італьянская мовы, а таксама дыялекты
карэннага насельніцтва Афрыкі – плямёнаў Зулу і Суту. Стваральнікі
слоўніка Surfrican папярэджваюць, што новая мова – небясьпечная справа
для людзей са слабой псыхікай: яна дзікая, як афрыканскія плямёны, і
гарачая, як паўднёвае сонца. Замест ангельскага “shit” афрыканская
моладзь ужывае “kak“ (“kuk”), ператвараючы вядомыя ўсім выразы ў
нецэнзуршчыну з нацыянальным калярытам.

Don’t talk kak
– не гавары глупства

Нaving a kak day
– галімы быў дзень

He is in the kak, кanala
– у яго сур’ёзныя праблемы, сябра



Наблатыкацца сусьветным слэнгам можна тут –



http://www.peevish.co.uk/slang/links.htm – спасылкі на слэнг-слоўнікі

http://www.urbandictionary.com/ – слоўнік гарадзкога слэнгу

http://www.wavescape.co.za/surfrican-slang/surfrikan-slang.html – слоўнік Surfrican

http://www.bbc.co.uk/voices/recordings/group/nottingham-hockley.shtml – інтэрвію са стваральнікамі Palari


Крыніца: http://community.livejournal.com/4asapopi3/

Re: “DON`T TALK KAK”

адназначна ў закладкі!
пайшоў вучыць :))

Re: “DON`T TALK KAK”

артыкул - 100 балаў. вельмі цікава

Re: “DON`T TALK KAK”

цікава-цікава =)

хацела так сама спасылачку даць з цікавым афра-слоўнікам, але тая старонка ужо зачынена..

але калі хочаце, магу выкласць што-небудзь :)