Мотабол у Смаргонi

7

У мінулую суботу пасля абеду на стадыёне гімназіі №4 у Смаргоні чуўся трэскат матацыклетных матораў. Ва ўпартай барацьбе за перамогу сышліся дзве мотабольныя каманды з Мінска – юнацкая “Зара-2” і ДЮСШ. Летась падчас правядзення ў нашым горадзе кірмашу выступалі на гэтай жа спартыўнай пляцоўцы мотабалісты з Гродна.

Трэба адзначыць, што прыезд у Смаргонь прадстаўнікоў менавіта гэтага віда спорту не выпадковы. Яшчэ год таму старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой выказаў думку, што калі жыхарам горада спадабаецца мотабол, варта стварыць мотабольны клуб у Смаргоні.
- Самае галоўнае, каб нам выдзелілі месца пад стадыён для мотабола, - сказаў старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Віктар Найдзіч. – І каб ён знаходзіўся ў цэнтры горада, тады будзе многа балельшчыкаў падчас мотабольных гульняў. А трэніравацца можна і за горадам. Купіць спартыўныя матацыклы, форму і іншы рыштунак нам дапамогуць цэнтральны і абласны саветы ДТСААФ, райвыканкам. А жадаючых гуляць хопіць.
Што гуляць у мотабол будзе каму, упэўнены і адзін з трэнераў мінскай “Зары-2” Уладзімір Свірыд, з якім давялося пагутарыць перад пачаткам паядынку паміж сталічнымі камандамі. Падлеткі цягнуцца да тэхнікі гэтак жа, як і любяць гуляць у футбол. Да таго ж і трэнера шукаць не трэба. У Смаргоні жыве суддзя міжнароднай катэгорыі Георгій Аганянц. У свой час ён 12 гадоў гуляў за зборную рэспублікі. Быць трэнерам не адмаўляецца. Яму дапамогуць на першым часе трэнеры мінскіх мотабольных каманд, запэўніў Уладзімір Свірыд. Ён, як і яго калегі, з Аганянцам вельмі добра знаёмы. Нават у гэты дзень пагутарылі, бо Георгій Рантавіч быў суддзёй матчу.
У Мінску створаны тры каманды па мотаболу. Акрамя юнацкіх ёсць і дарослая. На момант гульні ў Смаргоні дзвюх “маладзёжак” яна ўдзельнічала ў Кубку Беларусі, які праводзіўся ў г. Лунінцы. Перад гэтым быў чэмпіянат рэспублікі. У ім акрамя беларускіх мотабалістаў змагаліся за ўзнагароды дзве літоўскія і адна ўкраінская каманды. Трэба адзначыць, што зборная Беларусі па мотаболу вельмі моцная. Сёлета заняла другое месца ў чэмпіянаце Еўропы.
Нядрэнныя вынікі і ў маладзёжных каманд. “Зара-2” з’яўляецца бронзавым прызёрам, а спартсмены з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы занялі 4 месца ў чэмпіянаце рэспублікі па мотаболу. Паспяховым выступленням садзейнічае добрая трэніровачная база. Ёсць трэнажоры, адпаведная спартыўная тэхніка, стадыён, раздзявалкі, душавыя. Распрацаваны графік трэніровак. Зімой перавага аддаецца фізічнай падрыхтоўцы ігракоў, гульням у звычайны футбол, паколькі на заснежаным полі ганяць мяч на матацыклах праблематычна.
Дарэчы, пра матацыклы. Выкарыстоўваецца для гульні ў мотабол у асноўным тэхніка замежнай вытворчасці з аб’ёмам рухавіка 250 кубічных сантыметраў. Але нядаўна на Мінскім мотавелазаводзе наладзілі выпуск айчынных спартыўных матацыклаў. І ігракі з ДЮСШ выступалі менавіта на іх. На мінскіх матацыклах праходзяць навучанне навічкі каманд. Мінскі матацыкл намнога таннейшы, чым замежны, з запчасткамі складанасцей не ўзнікае.
У мотаболе, як і футболе, ёсць нападаючыя і абаронцы, ёсць штрафная і варатарская пляцоўкі. Выконваюцца тут вуглавыя і пенальці. Падчас штрафных варатар расстаўляе сценку з іграючых матацыклістаў. Матч доўжыцца тры перыяды па 20 мінут з перапынкамі на адпачынак. Як у хакеі.
Вось такая гэта гульня, дзе ігрок павінен добра валодаць не толькі мячом, але і матацыклам. А паядынак паміж мотабалістамі “Зары-2” і ДЮСШ закончыўся з лікам 4:1 на карысць першых. Гледачы, сярод якіх было многа моладзі, атрымалі задавальненне ад гэтага незвычайнага для Смаргоні спорту.