Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | Агрегатор | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
На адным з першых фестываляў імя Агінскага ў Смаргоні піяніст Уладзімір Авадок атрымаў Гран-пры конкурсу выканаўцаў. З таго часу Смаргонь стала для кар’еры музыканта шчаслівай кропкай адліку.
Ці не таму час ад часу ён з задавальненнем наведваецца сюды і выступае ў межах самых розных мерапрыемстваў. У яго рэпертуары класічныя творы нямецкіх, аўстрыйскіх, амерыканскіх кампазітараў, музычныя шэдэўры творцаў папярэдніх стагоддзяў і сучаснікаў. Напрыклад, на віле прэзідэнта Германіі ён іграў музычныя творы Бетховена.
Але, па шчырым прызнанні маладога выканаўцы, душа яго найбольш ляжыць да твораў рускіх аўтараў і рускай музыкі наогул. Вось і ў праграму нядаўняга канцэрта, што адбыўся ў актавай зале школы мастацтваў імя Агінскага, Уладзімір уключыў творы Аляксандра Скрабіна і Дзмітрыя Шастаковіча - санату Скрабіна №3, санату Шастаковіча №2 і найбольш вядомыя прэлюдыі гэтых аўтараў, у якіх яскрава і адметна адлюстраваўся іх талент.
Да сваіх канцэртаў малады выканаўца рыхтуецца заўжды вельмі адказна. І няма розніцы, на якой пляцоўцы выступае: ці гэта парыжская сцэна, ці сціплая зала ў райцэнтры. Для яго найважнейшым з’яўляецца магчымасць перадаць праз музыку глыбокі свет чалавечых пачуццяў, багацце адчуванняў, энергетыку гучання. Ён гадаваўся ў сям’і музыкантаў. Дарэчы, родная сястра Уладзіміра, таксама таленавітая скрыпачка, стала лаўрэатам вельмі прэстыжнага конкурсу імя Чайкоўскага. Сам Уладзімір заканчвае ў гэтым годзе Акадэмію музыкі, дзе займаецца адразу на двух аддзяленнях - па класу фартэпіяна і па класу дырыжыравання. Свой першы сольны канцэрт за мяжой ён даваў у Германіі, у Боне, яшчэ студэнтам 1 курса акадэміі. На сённяшні дзень канцэртная дзейнасць маладога піяніста досыць насычаная і геаграфічна, і тэматычна. Толькі ў лістападзе яго выступленні пачуюць жыхары Екацерынбурга і Мінска. Яго сольныя канцэрты пройдуць у Вялікай зале Акадэміі музыкі і ў музеі Ванковіча.
Прыемным сюрпрызам для смаргонскіх слухачоў назваў піяніст прыезд разам з ім свайго добрага знаёмага, вельмі таленавітага пачынаючага саксафаніста Валерыя Шаўцова. Нягледзячы на тое, што Валерый пакуль яшчэ вучыцца ў 10 класе ліцэя пры кансерваторыі, ён неаднаразова станавіўся лаўрэатам і пераможцам разнастайных эстрадных і джазавых конкурсаў. А канцэрт Готліба для саксафона з аркестрам, які Валерый выконваў да гэтага разам з эстрадным аркестрам, у смаргонскай школе мастацтваў прагучаў пад акампанемент раяля.
Застаецца яшчэ дадаць, што мерапрыемства было праведзена па ініцыятыве смаргонскага аддзялення Беларускай арганізацыі маладых хрысціянскіх жанчын.