Главная | Группы | Форумы | LIVE! | Рейтинг | Агрегатор | RSS каналы | Лаборатория | Контакт | Помощь | О сайте
Вы ведалі, што ў Індыі, якая пазбавілася каляніялізму яшчэ ў 1948 годзе, ангельская мова заставалася адзінай мовай дзелавых выданьняў? Толькі тры гады мінула, як найбуйнейшая ґазэта краіны The Times of India, сядзіба якой месьціцца ў Мумбаі, пачала выходзіць на гіндзі. Аб мясцовых мовах і зараз няма мовы.
Калі я размаўляў зь гіндусамі, што мелі ўнівэраўскую корачку, яны шчыра крыўдзіліся, калі я пачынаў нешта гергетаць на ламанай гіндзі. Маўляў, мы ж адукаваныя, можам і па-ангельску! І насамрэч, па-ангельску яны могуць, спрэчак нямашака. Шмат якія індыйскія пары, што жылі ў Мумбаі, нават дома паслугаваліся ангельскай. Дзеці адведвалі ангельскамоўныя школы, не даючы рады свай роднай гіндзі альбо маратгі (мова штату Магараштра, сталіцай якой ёсьць Мумбаі).
Надоечы мне адна дзяўчына пачала даводзіць, што, паколькі яна жыве ў Індыі, яна НЕ АБАВЯЗАНАЯ ведаць мясцовую мову. Але пры гэтым яна дасканала валодае ангельскай, гіндзі, французкай, хоча дадаць італійскую да свайго партфоліё. Пытаньне - навошта? А таму, што маратгі ёй не прыдасца, маўляў.
Адчуваеце паралелі?
У шасьцідзясятых гадох урад Нэру вызначыў межы фэдэральных земляў краіны паводле моўнае прыкметы, назаўжды прыбраўшы з мапы сьвету надзельныя княствы, якія нават за каляніяльным часам фармальна лічыліся незалежнымі. Раджам засталіся іхныя палацы й балёўкі. Замест гэтага паўсталі 26 штатаў, адпаведна, з дваццацьцю шасьцю мовамі.
У 2008 годзе ўрад штату Магараштра выдаў закон, паводле якога ўсё справаводзтва пераводзіцца маратгі. Гэтаму зацята запярэчылі ангельскамоўныя ды гіндзамоўныя жыхары. А вось пытаньне - чаму?
Хіба ня трэба вучыць мову той краіны, у якой жывеш? Хіба ў сьвеце не адбываецца рэгіяналізацыі?
Вось Вам і паралель, спадарства.