Войска як мэтад барадзьбы з усім нестандартным
Войска ў Беларусі працягвае заставацца інстытуцыяй, якую выкарыстоўваюць дзеля ізаляцыі тых, хто не падпадае пад негалосны стандарт улады ды назаляе (або можа назаляць) ёй. Гэтым разам пасьля актывістаў апазыцыі насьпела чарга актывіста руху за правы сэксуальных мяншыняў Аляксандра Палуяна. Магчыма, яму прыгадалі спробу арганізацыі першага маршу мяншыняў у Менску, калі некалькі тузінаў прайшліся праспэктам Францішска Скарыны на дзіва без перашкодаў з боку ўладаў. Магчыма, Аляксандар Палуян таксама занадта актыўна нагадвае ўладзе пра існаваньне тых, каго яна так упарта ня хоча заўважаць. Тым ня меней, факт застаецца фактам: прызыў у войска можа быць для сп. Палуяна вельмі небясьпечным.
Схема адная ды тая ж: малады чалавек, які атрымаў адтэрміноўку ад службы па мэдычных падставах, празь некаторы час да выбегу тэрміну яго адтэрміноўкі дастае чарговую позву зьявіцца ў ваенкамат дзеля пацьверджаньня дыягназу, пасьля чаго яго кладуць у шпіталь. Гэткая ж схема адпрацоўвалася й з актывістамі апазыцыі, а менавіта Франакам Вячоркам. Тое, што гэтая практыка не зышла ў нябыт з абвяшчэньнем "лібералізацыі", паказвае выпадак сп. Палуяна. Можна казаць колькі заўгодна, што ваенкамат мае права праводзіць перакамісаваньні прызыўнікоў ды мець рацыю, але чамусьці гэта здараецца толькі з тымі, хто назаляе гэтае ўладзе або не падпадае пад ейны стандарт.


Комментарии
Отправить комментарий