Наша Беларусь. Вёска Сегневічы. Бярозаўскі раён
Ёсць у Бярозаўскім раёне вёска Сегневічы. Вёска як вёска з соцен такіх вёсачак па ўсёй Беларусі. Адно толькі вылучае яе з гэтага шэрагу – стары цагляны касцёл ды драўляная пажарная вежа, якая адкрыла мне жывапісную маляўнічасць ціхага памяркоўнага беларускага краю.
Вёска Сегневічы з’яўляецца галоўнай, цэнтральнай у сельсавеце, але ж моладзі тут вельмі мала, асноўны кантынгент – людзі за 50 гадоў. У вёсцы большасць каталікоў, таму свой адбітак на мясцовай мове пакінула і польская, але ж мясцовы гоман вельмі вылучаецца мяшанкай ажно 4 моў: рускай, беларускай, украінскай і польскай. На фоне старых драўляных хатак яскрава вылучаюцца новенькія прэзедэнскія домікі, заселеныя ў гэтым годзе маладымі сем’ямі перспектыўных працаўнікоў гаспадаркі. Таму ў школе на клас у сярэднім 8 чалавек.
На пачатак жніўня, калі я завітаў у вёску, з навокольных палёў збожжа ўжо сабралі, засталіся толькі круглыя цюкі саломы, а паблізу кукурузнае поле, на якім мясцовыя мужыкі заўсёды могуць знайсці закуску.
Нажаль у вёсцы Сегневічы няма аптэкі, таму за лекамі бабулькам даводзіцца ганяць на ровары ў суседні Марывіль.
Затое ў Сегневічах знаходзіцца стары касцёл у гонар святой Дзевы Марыі, пабудаваны ў 1795 годзе, калі гэтыя землі былі пад Польшчай. За сваю гісторыю касцёл нераз руйнавалі, потым аднаўлялі, апошні раз касцёл быў даволі сур’ёзна разбураны ў гады Другой сусветнай вайны. Зараз працуе, ганарліва ўзвышаючы свае крыжы над старэнькімі вясковымі хаткамі. Вясной тут пачаліся рамотныя працы. Як распавёў мне ксёнз Пётр, які цяпер адначасова выконвае і функцыі прараба, на сённяшні дзень у касцёле адбываецца планавы рамонт, зняты ўсе іконы, дываны і ўпрыгажэнні, але служба ў касцёле працягваецца па-ранейшаму. На кожную імшу прыходзіць да 100 чалавек, на святы – 150. Грошы на рамонтныя працы трапляюць з 2 крыніц: першая, але зусім мізэрная – грошы вернікаў, другая – польскія каталіцкія арганізацыі. Што цікава, усю працу ў касцёле выконваюць мужчыны асуджаныя на выпраўленчыя работы з адсяленнем ці папросту на «хiмii», усяго каля 10 чалавек. Жывуць яны ўсе разам у доме ксянза Пятра, разам харчуюцца і глядзяць тэлевізар. Таму і незвычайнай мне падалася сітуацыя, якую я назіраў у хаце ксянза падчас абедзеннага перапынку: ксёнз, які ляжыць на канапе падпартрэтам Яна Паўла ІІ, а вакол за сталом асуджаныя сёрбаюць суп і глядзяць тэлевізар. Проста ідылія.
А нетак даўно пад касцёлам знайшлі падземныя хады, адзін з якіх ідзе ў бок мясцовай бальніцы, а іншыя пакуль невядома, але ж ксёнз Пётр абяццаў абавязкова дазнацца.
Тым часам рамонт працягваецца. Я не ведаю якім касцёл быў раней, і якім ён стане пасля рамонтных прац, але ж паглядзець вельмі хочацца.
Вясковае паветра зноў узрушыла мычанне кароў, і бабулькі выходзяць надворак, каб сустрэць сваіх родненькіх Зорак і Стрэлак, а тым часам, паблізу з ціхім і згасаючым вясковым бытам, штодзённа шуміць сваім безперапынным аўтатранспартным жыццём “алімпійка” – шаша Берасце-Менск.


Последние комментарии
1 неделя 3 дня назад
2 недели 4 дня назад
3 недели 1 день назад
4 недели 3 дня назад
4 недели 4 дня назад
5 недель 4 дня назад
8 недель 5 дней назад
9 недель 1 день назад
9 недель 1 день назад
9 недель 1 день назад